-- Мы выбралі Церахі, сабралі легенды і гістарычныя звесткі пра вёсачку, -- распавядае метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага РЦКіНТ Галіна Петушок. – У ролі дзяўчыны-бярозкі выступіла мая калега-метадыст Настасся Тарас. Вялікую работу правялі Жанна Рыбак, якая ўзначальвае Ракавіцкі Дом культуры, і мастацкі кіраўнік Яніна Байгот. Самых добрых слоў і шчырага захаплення заслугоўваюць удзельніцы фальклорнага гурта – мясцовыя жыхары Ванда Канстанцінаўна Машкевіч, Лізавета Антонаўна Байгот, Ірына Юльянаўна Карповіч, Марыя Міхайлаўна Карповіч, Алена Антонаўна Марцінкевіч і Ганна Васільеўна Ступакевіч. Дзякуючы ім абрад атрымаўся такім пранізлівым і сакральным, бо менавіта яны сапраўдныя носьбіты аўтэнтычнай культуры.
Дарэчы, сутнасць тэлепраекта “Наперад у мінулае” яшчэ і ў тым, каб з шэрагу пачутых у глыбінцы твораў выбраць адзін і надаць яму сучасную аранжыроўку. На гэты раз новую версію атрымала беларуская народная песня з рэпертуару “Вяргіні” “Пасеяла агурочкі”. На мой погляд, атрымалася надзвычай арыгінальна і душэўна.
Сёмуха парадавала вернікаў шчучынскага Прынямоння і яшчэ адной духоўнай падзеяй. Жыхары вёскі Валянчыцы, рыхтуючыся да Тройцы, сабралі сродкі і добраўпарадкавалі месца каля ахоўнага крыжа, упрыгожылі свой абярэг і запрасілі асвяціць айца Сергія Раманко. Усё ўвянчалася прыгожым і памятным святам.