Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Мітынг-рэквіем прайшоў ў мемарыяльным комплексе “Шавулічы” на месцы спаленай 75 гадоў таму вёскі

09.07.2018
Навiны рэгiёна
Старая таполя, якая дагэтуль расце пасярэдзіне колішніх Шавулічаў, памятае многае. Іншы чалавек ад такіх успамінаў, не выключана, страціў бы розум, а таполі, можна сказаць, пашанцавала. Яна ацалела і па-ранейшаму шапоча лісцем, з’яўляючыся маўклівым сведкам падзей, што адбываліся тут тры чвэрці стагоддзя таму. Памятае таполя і святочную Купальскую ноч, якая нечакана аказалася апошняй для вёскі і яе 366 жыхароў, памятае і тую жудасную раніцу, калі ў Шавулічы ўварваліся фашысцкія карнікі, загадалі і старым, і малым сабрацца ў адрыне, падпалілі… Калі б таполя магла марыць, яна б марыла аб тым, каб ніколі гэтага не бачыць і не чуць.
Прайшлі гады; на месцы, дзе чуліся тады людскія крыкі і стогны, — цішыня, якую парушаюць толькі птушкі. Шапочуць дрэвы, расце трава каля зрубаў, аднак не зарастае быллём памяць пра жудасныя гадзіны святочнага летняга дня 1943-га года. Штогод у гэты дзень на месца “вогненнай вёскі” прыязджаюць людзі, каб пакланіцца бязвінна загінуўшым жыхарам Шавулічаў, ускласці кветкі да іх магіл і яшчэ раз падумаць аб тым, якое гора можа прынесці на зямлю вайна.
shaulichi16.jpg
У сёлетнім мітынгу-рэквіеме ў мемарыяльным комплексе традыцыйна прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, але і родныя колішніх жыхароў спаленай вёскі, ваўкавычане і людзі з іншых населеных пунктаў, неабыякавыя да гісторыі нашых мясцін, госці з Зэльвенскага раёна і прадстаўнікі прафсаюзаў. Малітву за душы памерлых і здароўе жывых сатварылі благачынны Ваўкавыскай акругі іерэй Аляксандр Юзва і ксёндз-канонік прыхода Святога Станіслава Косткі Алег Дуль. Ніводнага з прысутных не змагла пакінуць абыякавым пранікнёная драматычная пастаноўка, падрыхтаваная Ваўкавыскім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці і яго падраздзяленнямі, дзякуючы якой нават тыя, хто ніколі не чуў пра трагедыю Шавулічаў, змаглі б уявіць падзеі той жахлівай купальскай раніцы. Пасля хвіліны маўчання пад мінорную мелодыю да помнікаў мемарыяльнага комплексу ляглі вянкі і кветкі.
shaulichi11.jpgshaulichi.jpg
Удзел у памятным мерапрыемстве прынялі і прафсаюзныя актывісты Гродзеншчыны. Са сталіцы Прынёмання ў мемарыяльны комплекс “Шавулічы” прыехалі прадстаўнікі ўсіх абласных галіновых прафсаюзных камітэтаў, абласнога і раённых аб'яднанняў прафсаюзаў, прафкамаў і арганізацый вобласці, якія ўдзельнічалі ў аднаўленні комплексу. Па словах старшыні Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Рамуальда Юроўскага, прафсаюзы традыцыйна наведваюць гэта знакавае месца, уносяць свой пасільны ўклад у захаванне памяці аб той страшнай трагедыі: “Пра гэтую вёску мы даведаліся чатыры гады назад — і адразу вырашылі, што трэба прыкласці максімум намаганняў, каб аднавіць гэты комплекс. Агульнымі сіламі сабралі неабходныя сродкi, абнавілі ўсе памятныя пліты, усталявалі сімвалічныя зрубы на месцы кожнай спаленай хаты, i цяпер мы прыязджаем сюды не радзей як два разы на год: навесці парадак пасля зімы і 7 ліпеня. Шавулічы — гэта наша гродзенская Хатынь, гэта месца, якое нагадвае нам пра тое, што вайна — гэта трагедыя нашай краіны i кожнага чалавека, і трэба зрабіць усё, каб яна ніколі не паўтарылася”.
Да спіса