Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Мужчын, што дапамаглі выратаваць жанчыну з Янаўскага вадасховішча, ушанавалі Падзякай ад “Беларускага таварыства выратавання на вадзе”

07.08.2020
Навiны рэгiёна
Добрая справа не застанецца незаўважанай. Трое мужчын, што дапамаглі выратаваць жанчыну, якая танула на Янаўскім вадасховішчы, атрымалі Падзяку ад Гродзенскай абласной арганізацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства выратавання на вадзе”, піша "Астравецкая праўда".

Нагадаем, што здарэнне адбылося ў адзін з чэрвеньскіх вечароў. Маладая жанчына вырашыла пакупацца і, нягледзячы на перасцярогі выратавальніка, паплыла за буёк. Неўзабаве яна пачала тануць. Убачыўшы гэта, акрамя начнога матроса, да яе з розных бакоў кінуліся трое адпачываючых. Дзякуючы іх хуткаму рэагаванню і своечасова аказанай дапамозе жанчыну пашчасціла ўратаваць.

– Я з Брэста, працую майстрам у філіяле “Будтрэста №8” БУ №158. У той вечар толькі прыехаў на вахту, – у спамінае падзеі Андрэй Сідарчук. – Было каля 21.00, але вырашыў, з’ездзіць на Янаўскае вадасховішча пакупацца. Там і стаў сведкам сітуацыі: за буйком знаходзілася маладая жанчына, а на беразе ўсе бегалі і лямантавалі, што яна не ўмее плаваць. У гэты момант да яе падплыло двое хлопцаў, але я разумеў, што ім будзе няпроста справіцца, таму пазычыў у малыша вялікі надзіманы круг і паплыў на дапамогу. Так мы выцягнулі жанчыну на бераг, дзе супрацоўнікі выратавальнай станцыі аказалі ёй першую дапамогу. Не памятаю, аб чым думаў тады, – галоўнае было выратаваць тапельніцу, у якой да таго ж на беразе засталося маленькае дзіця. Кожны з нас можа трапіць у надзвычайную сітуацыю.

Андрей Сидорчук.jpg

– Я асабліва не раздумваў: пачуў, што чалавек тоне, – і адразу кінуўся ў ваду, – дадае яшчэ адзін выратавальнік Андрэй Пяшко з Лошы. – Балазе, плаваю добра. Дарэчы, гэта не першы раз, калі дапамагаю выцягнуць чалавека з вады, – быў падобны выпадак з сябрам на Нарачы. Калі спатрэбіцца, не спалохаюся і ў наступны раз.

Андрей Пешко.jpg

Менавіта за смеласць, рашучасць і граматныя дзеянні пры выратаванні тапельніцы, два Андрэі атрымалі Падзякі, якія ім уручылі старшыня і начальнік раённай арганізацыі ТВВАД Аксана Кардаш і Сяргей Невяроўскі. На жаль, трэці ўдзельнік той выратавальнай аперацыі астраўчанін Аляксандр Варабей не змог прысутнічаць на ўручэнні, але ўзнагарода абавязкова будзе перададзена герою.

– Падчас дзяжурстваў мы становімся сведкамі розных выпадкаў: жартоўных, канфліктных, сумных, – адзначыў напрыканцы сустрэчы Сяргей Невяроўскі. – На шчасце, сітуацыя таго чэрвеньскага вечара не стала трагічнай. Дзякуй за нераўнадушша да чужой бяды!

ostrovets.by
Да спіса