Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

На першым блоку БелАЭС завяршылі віхратокавы кантроль парагенератараў

01.06.2020
Навiны рэгiёна
На першым энергаблоку Беларускай АЭС завяршылі працэс віхратокавага кантролю (ВТК) парагенератараў, паведамілі БЕЛТА ў групе ўнутраных і знешніх камуніцый АТ "Атамэнергарамонт".

Гэты тэхналагічны працэс уваходзіць у комплекс абавязковых кантрольных мерапрыемстваў на стадыі падрыхтоўкі энергаблокаў да ўводу ў эксплуатацыю. Мэта правядзення ВТК - пацвердзіць захаванасць тэхнічных характарыстык металу асноўнага абсталявання рэактарнага аддзялення пасля завяршэння гарачай абкаткі.

Паводле слоў кіраўніка прадстаўніцтва АТ "Атамэнергарамонт" у Беларусі Андрэя Залознага, віхратокавы кантроль абсталявання Беларускай АЭС праводзіўся па ўнікальнай методыцы з выкарыстаннем высокадакладных устройстваў і маніпулятараў, якія выраблены спецыялістамі "Атамэнергарамонта" і не маюць аналагаў у Расіі. Сутнасць метаду заключаецца ў вымярэнні скорасці і глыбіні праходжання токаў праз метал. Гэтыя даныя даюць магчымасць зрабіць высновы аб стане матэрыялу, выявіць поласці, падоўжныя і папярочныя трэшчыны нават мінімальных памераў. "Простыя і ў той жа час надзейныя маніпулятары даюць магчымасць падвесці вымяральныя прыборы ў любую кропку для правядзення замераў, а прыборы для фіксацыі даных могуць працаваць шмат гадзін пры максімальных загрузках. Даследаванне праводзіцца з максімальнай дакладнасцю, верагоднасць выяўлення дэфектаў металу набліжаецца да 100 працэнтаў", - паведамілі прадстаўнікі кампаніі.

Ад своечасовасці правядзення ВТК залежаў не толькі графік выканання сумежных пусканаладачных работ, але і тэрміны правядзення рэвізіі асноўнага абсталявання рэактарнай устаноўкі. "Узгодненасць дзеянняў, аператыўнасць і высокі прафесіяналізм, праяўленыя пры выкананні работ усімі ўдзельнікамі працэсу з расійскага і беларускага боку, далі магчымасць завяршыць гэты вытворчы этап у запланаваныя тэрміны без страты якасці", - адзначыў віцэ-прэзідэнт АТ ІК "АБЭ" Алег Шперле.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі "Расатам". Увод першага энергаблока запланаваны ў 2020 годзе, другога - у 2021-м.

Да спіса