Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Сядзіба Бераста-Зюзі і Спадарыні Завірухі адкрыецца ў Бераставіцкім раёне 22 снежня

19.12.2018
Навiны рэгiёна
Свята пачнецца ў 16.00 і збярэ ці ледзь ні ўсю малечу Бераставіцкага раёна. Падзея на самай справе радасная і вялікая: зімовыя персанажы беларускай міфалогіі амаль на ўсю халодную пару паселяцца ў дзіцячым аздараўленчым лагеры "Бераставіцкі". У суботу яны справяць сваё наваселле. Мерапрыемства пройдзе ў рамках акцыі "Нашы дзеці".

Бераст-Зюзя паўстане перад гасцямі такім, якім яго ведаюць па беларускіх народных казках і легендах, – у светлай вопратцы, без галаўнога ўбору, з сівымі валасамі і доўгай барадой. Яго напарніца Спадарыня Завіруха здзівіць усіх сваёй халоднай прыгажосцю і адначасова добрым сэрцам. Гаспадары сядзібы запросяць хлопчыкаў і дзяўчынак прыняць удзел у займальным квэсце. Толькі пасля таго, як усе выпрабаванні будуць пройдзены, дзеці змогуць загадаць свае самыя запаветныя жаданні, якія абавязкова спраўдзяцца.
Зюзя 2.jpg
Сімвал Бераставіцкага раёна Вавёрка будзе падарожнічаць па станцыях квэста разам з гасцямі і падтрымліваць іх у час конкурсаў, гульняў і віктарын. Дарэчы, усе забавы ў сядзібе з беларускім каларытам. Будуць гучаць традыцыйныя для зімовых святаў беларускія народныя песні. 
Дзяцей чакае шмат радасці і весялосці, сустрэчы з іншымі персанажамі беларускай міфалогіі, а таксама пачастункі. У сядзібе будуць частаваць гарачай гарбатай і блінамі. Музей вавёркі прадставіць калекцыю старых навагодніх паштовак. Пройдзе выстава-кірмаш вырабаў традыцыйных рамёстваў. Можна будзе прыняць удзел у майстар-класе па вырабу сувеніраў.
Зюзя.gif
– Плануецца, што сядзіба будзе прымаць наведвальнікаў у выхадныя дні. Магчымая праца ў будні па заяўках арганізаваных груп, – адзначыла дырэктар Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Місюля.
Да спіса