Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

У Жупранах прайшло свята «Вясковы сыравар»

01.09.2020
Навiны рэгiёна
Жыхары аграгарадка Жупраны і навакольных вёсак штогод у жніўні збіраюцца на шумнае свята «Вясковы сыравар», каб адзначыць тых, хто да сённяшняга дня трымае ў гаспадарцы кароў, перапрацоўвае малако, захоўвае найлепшыя традыцыі і рэцэпты. А яшчэ гэта добрая нагода не толькі паласавацца прысмакамі дбайных гаспадыняў, але і цікава правесці час, адпачыць ад штодзённых вясковых клопатаў, піша "Ашмянскі веснік".

IMG_1619.jpg

У мінулую суботу на пляцоўцы каля аддзела культуры і вольнага часу ў Жупранах было людна — на свята сабраліся дзеці і дарослыя, моладзь і падлеткі. Кожны знайшоў тут сабе адпачынак на свой густ. Прыхільнікі добрай музыкі паслухалі вядомыя кампазіцыі ў выкананні народнага ансамбля народнай песні «Жытніца», а таксама ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці раёна. Аматары вясёлых конкурсаў і забаў з задавальненнем прынялі ўдзел у сырным казіно, з якога выйшлі з прыемнымі падарункамі. А асабліва актыўныя госці свята змаглі праявіць свой спрыт у спартыўнай праграме, якую прапанаваў раённы фізкультурна-спартыўны клуб.

IMG_1723.jpg

І ўсё ж галоўнымі героямі свята сталі вяскоўцы, дзякуючы працавітасці якіх на нашым стале заўсёды ёсць малочныя прадукты. У Жупранскім сельсавеце гэта Марыя Суравец з Баранцаў, Наталля Ставарук з Нарбутаў, Антаніна Раціна з Зарэчча. Віншаванні і падарункі яны прымалі ад Андрэя Розеля. Малаказборшчык, ён, як ніхто іншы, ведае, колькі намаганняў трэба прыкласці, каб здабыць «белае золата» і забяспечыць ім насельніцтва. Малако, смятана, тварог, сыр, масла — наўрад ці хоць адзін стол абыходзіцца без гэтых звыклых прадуктаў. Вось і падчас свята гасцям прапанавалі прыняць удзел у дэгустацыі. Сырныя ласункі для вяскоўцаў падрыхтавалі Валянціна Горыд, Алена Зык, Таіса Чаплінская. Выставай страў з розных відаў малочнай прадукцыі здзівілі месцічаў Вольга Айвазоўская і Галіна Рапцэвіч.
IMG_1780.jpg

І няхай сабе тут не было далікатэсных гатункаў сыру кшталту пармезан, фета ці маскарпонэ — нашы бабулі і назваў такіх не чулі, а частавалі, згадзіцеся, не горш. Клінковы сыр з мёдам, жоўты — на яйках — з тменам, плаўлены… Рэцэпты перадавалі з пакалення ў пакаленне разам з адданасцю сялянскай справе, традыцыямі гасціннасці і добразычлівасці.

IMG_1757.jpg

Асаблівасцю сёлетняга свята стаў актыўны ўдзел у яго падрыхтоўцы і правядзенні мясцовых жыхароў.Мяркуйце самі: героі свята — вяскоўцы, якія прымалі шчырыя віншаванні ад кіраўніка спраў Жупранскага сельвыканкама Ганны Шымановіч. Аўтаркі «малочнай» выставы — жыхаркі аграгарадка. Нават аніматар свой з’явіўся — Дзмітрый Андзюль прапанаваў паўдзельнічаць у флэшмобе «Жывы сыр». А напрыканцы мерапрыемства гасцей пачаставалі піццай, якую прыгатавала повар Жупранскай сярэдняй школы Яўгенія Шукяловіч.

IMG_1813.jpgIMG_1848.jpg

Зразумела, зладзілі свята работнікі культуры на чале з загадчыцай аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Жупраны Дзіянай Бенедзісюк, а таксама спонсары — Ашмянскі мясакамбінат і сыраробны завод, аднак яго атмасферу стварылі тыя, хто забыўся на цяжар клопатаў, узрост і іншыя акалічнасці і адпачываў душой, дарыў іншым адкрытыя ўсмешкі і добры настрой.
Да спіса