Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Жыхар Лідскага раёна ўдзельнічае ў конкурсе "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь"

24.09.2020
Навiны рэгiёна
 

21 верасня ў рэспубліцы адбылося ўрачыстае адкрыццё конкурсу прафесійнага майстэрства "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь".

У фінале будуць змагацца 56 педагогаў, якія перамаглі ў абласных і Мінскіх гарадскіх этапах. Прыемна адзначыць, што сярод фіналістаў ёсць прадстаўнік Лідскага раёна – гэта настаўнік хіміі і біялогіі Ёдкаўскай школы Леанід Шафарэвіч. Нагадаем: Леанід Часлававіч стаў пераможцам абласнога этапа конкурсу ў сваёй намінацыі. Зараз ён прадстаўляе Гродзеншчыну ў складзе абласной каманды лепшых педагогаў.

Праграма сёлетняга рэспубліканскага конкурсу вельмі насычаная: самапрадстаўленне ўдзельнікаў, урокі ў незнаёмым класе, тэсціраванне і майстар-класы.

"Сярод значных мерапрыемстваў сістэмы адукацыі конкурс "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь" займае асаблівае месца. Ён прыцягвае ўвагу не толькі настаўніцтва, але і (з-за спецыфікі адукацыі) шырокіх слаёў грамадства. Кожны конкурс дае магчымасць раскрыцца новым педагагічным талентам, абагульніць і трансліраваць новую педагагічную практыку. Ён накіраваны на павышэнне якасці адукацыі, развіццё творчых ініцыятыў педагагічных работнікаў па рэалізацыі зместу адукацыйных праграм асноўнай і спецыяльнай адукацыі, рост прафмайстэрства, падтрымку эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, павышэнне прэстыжу педагагічнай работы і прызнанне ўкладу педработнікаў у развіццё сістэмы адукацыі", – сказаў аб конкурсе намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, які да гэтай пасады ўзначальваў адукацыю Лідчыны.

22 верасня пачаліся асноўныя конкурсныя выпрабаванні. 30 верасня вызначацца 8 суперфіналістаў. Імя пераможцы стане вядома 2 кастрычніка, напярэдадні прафесійнага свята – Дня настаўніка. Дарэчы, адзначым, што галоўны прыз конкурсу – аўтамабіль. Ён дастанецца лепшаму настаўніку краіны.

Да спіса