Рэгіён
Галоўная / Рэгіён / Раёны / Ваўкавыскі раён

Ваўкавыскі раён

Афіцыйны сайт Ваўкавысскага раённага выканаўчага камітэта

На берагах рэчкі Ваўкавыі стаіць Ваўкавыск, які ў 2005 годзе адзначыў сваё тысячагоддзе. Рэшткі летапіснага горада-крэпасці захаваліся на Шведскай гары (яна засялялася ў 10 ст.), на Замчышчы і Муравельніку (заселены ў 11 ст.).

Уласна горадам - цэнтрам рамяства і гандлю - Ваўкавыск становіцца ў першай палавіне 12 ст. Крэпасць была пераўтворана ў княжацкі замак. 11 студзеня 1386 г. польскія паслы падпісалі тут дакумент, які пацвярджаў, што Ягайла будзе выбраны польскім каралём і возьме за жонку Ядвігу. Горад пачаў бурна развівацца пасля атрымання ў 1503 г. магдэбургскага права. Да нашага часу захаваліся двухвежавы базілікальны фарны касцёл святога Мікалая (18 ст.), Вацлаўскі касцёл у класічным стылі (сярэдзіна 19 ст.), цагляная Мікалаеўская царква, Дом Баграціёна - сядзібны дом 1805 г., дзе з 10 па 17 чэрвеня 1812 г. знаходзіўся штаб 2-й Заходняй арміі (з 1949 г. - музей), тарцовыя домікі 18 - 1-й палавіны 19 ст.

За 3 км ад раённага цэнтра знаходзіцца Гнезна, якое існуе з канца 14 - пачатку 15 ст. і ўпамінаецца ў Літоўскай метрыцы як вёска вялікага князя літоўскага. Тут знаходзіцца самы цікавы помнік пераходнага перыяду ад готыкі да рэнесансу - цёмна-чырвоны касцёл Міхаіла Архангела (1527). Захаваўся будынак памешчыцкага дома з двума флігелямі і гаспадарчымі пабудовамі (30-40-я гг. 19 ст.), рэшткі  пейзажнага з рысамі рамантызму парку з арыгінальнай воднай сістэмай. Стары парк і аднапавярховы палац сярэдзіны 19 ст. ёсць у в. Падароск. З сярэдзіны 18 ст. да 1939 г. яна належала роду Сцыпіё дэль Кампа. Палац роду Сегеняў у стылі неаготыкі (сярэдзіна 19 ст.) знаходзіцца ў в. Краскі. Цяпер там размяшчаецца дзіцячы санаторый. Рэшткі пейзажнага парку (канец 19 ст.) з'яўляюцца помнікам рэспубліканскага значэння.

З 13 ст. вядома в. Мсцібава (Мсцібогаў Гарадок, Мсцібогаў, Мсцібаў), якая, магчыма, узнікла на месцы пакланення язычніцкаму богу Мсцібогу. У пісьмовых крыніцах 16-18 стст. Мсцібава ўпамінаецца як цэнтр воласці. З 1533 г. належала каралеве Боне. 13 студзеня 1546 г. у мсцібаўскім замку спыняўся Жыгімонт Аўгуст. На сейміку 1576 г. у Мсцібаве літвіны абвясцілі сваім вялікім князем Стафана Баторыя. Захаваўся касцёл (1919) і неагатычная званіца.

За 3 км ад Мсцібава размешчана в. Ярылаўка, паходжанне назвы якой звязана з культам бога Ярылы. Тут знаходзіцца дом, у якім у 1885-1890 гг. жыў беларускі і польскі графік і жывапісец А.І. Каменскі.

З 1-й палавіны 16 ст. згадваюцца Петуховічы (Петухова). З сярэдзіны 18 ст. вёска належала Флемінгам, якія перайменавалі яе ў гонар дачкі ў Ізабелін. Захаваліся цагляныя Петрапаўлаўскі касцёл (1778) і Міхайлаўская царква (18 ст.). З пачатку 16 ст. вядома Рось (цяпер гарадскі пасёлак), дзе знаходзяцца Троіцкі касцёл (1856) і Троіцкая царква (1912). З пачатку 18 ст. да 1939 г. Рось належала Патоцкім, якія заклалі парк, фрагменты якога захаваліся.

З 16 ст. вядзе сваю гісторыю в. Воўпа. Яна належала князю гальшанскаму і епіскапу віленскаму Паўлу Альшмунту, затым каралеве Боне, якая ператварыла мястэчка ў староства. Пазней уладанні перайшлі да канцлера ВКЛ Льва Сапегі і яго сына Казіміра Льва, якога наведаў тут кароль Уладзіслаў з жонкай. У апошняга ўладальніка Паўла Сапегі за ўдзел у лістападаўскім паўстанні 1831 г. маёнтак канфіскавалі. У ваколіцах Воўпы часта паляваў Стафан Баторый. У Воўпе захаваўся касцёл святога Яна (1773). У в. Кузьмічы ёсць цагляная царква Аляксандра Неўскага (сярэдзіна 19 ст.).

У межах раёна  больш за 10 каменных могільнікаў яцвягаў.

Унікальным археалагічным помнікам, адзіным ва Усходняй Еўропе, з'яўляюцца шахты па здабычы крэменю, майстэрні па яго апрацоўцы і размешчаныя побач стаянкі   эпохі каменнага і бронзавага вякоў каля г.п. Краснасельскі і суседніх з ім вёсак. Захавалася больш за 80 амаль непашкоджаных выпрацовак. На гэтай тэрыторыі знаходзяцца таксама могільнік 3-га тысячагоддзя да н.э., селішчы жалезнага веку і сярэдневякоўя. З 1969 г. Краснасельскі археалагічны комплекс аб'яўлены дзяржаўным запаведнікам.

Помнікамі прыроды з'яўляюцца фрагменты паркаў у вёсках Шніпава, Мачульна, Вярэйкі (пачатак 19 ст.), Цеалін (19 ст.), Субачы (канец 19 ст.). У Ваўкавыскім лясніцтве расце цар-дуб, якому 500 гадоў.

Цяпер раён займае тэрыторыю 1 193 кв.км. У 190 населеных пунктах пражывае больш як 82,7 тыс. чалавек, з іх у раённым цэнтры Ваўкавыск - 46,6 тыс. чалавек. У сферы вытворчасці і абслугоўвання насельніцтва працуюць 17 сельскагаспадарчых і 15 будаўнічых, 16 прамысловых і 5 аўтатранспартных прадпрыемстваў. Раённы цэнтр - буйны чыгуначны вузел.

У раёне працуюць 4 спартыўныя школы і 180 спартыўных збудаванняў, траса для правядзення еўрапейскіх чэмпіянатаў па мотаспорту.

У сістэме адукацыі дзейнічаюць 27 дашкольных устаноў, 30 агульнаадукацыйных школ, гімназія, прафтэхвучылішча, педагагічны каледж. Сетку культурна-асветных устаноў складаюць дзіцячая школа мастацтваў, 5 дзіцячых музычных школ з 6 філіяламі, раённы метадычны цэнтр народнай творчасці, 34 бібліятэкі, ваенна-гістарычны музей імя П.І. Баграціёна. У 2004 годзе праводзіўся рэспубліканскі фестываль "Дажынкі-2004".