Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

У Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства НАН Беларусі прыступілі да масавага збору буякаў і маліны

28.07.2021
Навiны рэгiёна

Салодкі і багаты на ўтрыманне вітамінаў ураджай адразу накіроўваецца ў фірменную краму.

Там ягады карыстаюцца вялікім попытам у пакупнікоў, расказвае dzyannica.by.

 Плантацыя буякоў у нас займае 3 гектары, з якіх 2,5 гектара – гэта кусты пасадкі 2019-2020 гадоў, – гаворыць загадчыца аддзела садаводства Іна Сінкевіч.  Гэтая расліна любіць кіслую глебу, таму саджанцы мы высаджвалі ў лункі з кіслым торфам і апілкамі. Зверху прысыпалі шчэпкамі, якія акісляюць глебу, утрымліваюць вільгаць і не даюць прарасці пустазеллю. Ужо на трэці год пасля пасадкі маладыя кусцікі пачалі прыносіць ураджай. Расліна пладаносіць 30 гадоў і болей, і з кожнага дарослага куста можна атрымаць 6-9 кілаграмаў ягад.

2г.jpg

Перыяд выспявання ў буякоў расцягнуты, таму механізаваны збор ураджаю выключаны. Інакш можна сабраць спелыя ягады разам з зялёнымі. Падчас закладкі плантацыі садаводы занальнага інстытута выкарыстоўвалі сарты замежнай селекцыі “Дзюк”, “Блю Кроп” і “Элізабэт”, кожны з якіх мае сваю схему пасадкі: 1-1,3 метра паміж кустамі і 3-4 метры паміж радамі. Тут арганізаваны штучны капельны паліў, таму засуха раслінам не пагражае.

– Буякі выдатна транспартуюцца і захоўваюцца, – зазначае Іна Аляксандраўна. – У халадзільніку ягады могуць ляжаць да месяца. Масавы збор салодкага ўраджаю толькі пачаўся і працягнецца яшчэ 2-3 тыдні.

Сярод тых, хто займаецца зборам буякоў, – студэнтка IV курса Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Людміла Ляткоўская, якая прыехала сюды з абласнога цэнтра.

3г.jpg

– Я асвойваю прафесію аграхіміка-глебаведа, таму замест калгаса выбрала праходзіць практыку ўзанальным інстытуце– гаворыць маладая гродненка. – І не прагадала! Мне выдзелілі пакой у інтэрнаце, дзе была прыемна здзіўлена створанымі камфортнымі ўмовамі для маладых спецыялістаў: ванная, санвузел, абсталяваная кухня – чаму б не жыць? Таму вырашыла праходзіць тут адпрацоўку пасля атрымання дыплома. Што тычыцца самой работы – канечне, яна не з лёгкіх. Возьмем, да прыкладу, ручны збор буякоў, якія, прызнацца, я паспрабавала тут упершыню. Кусты гэтай расліны не вельмі высокія, таму ўвесь час прыходзіцца прысядаць і нагінацца. І ўсё гэта пад пякучымі прамянямі сонца. Затое я атрымліваю каштоўны вопыт: назіраючы за рознымі вытворчымі працэсамі, бачу, як на практыцы прымяняюцца навейшыя тэхналогіі. І тут сапраўды ёсць чаму павучыцца! Ніколі не падумала, што ў Прынеманні можна паспяхова вырошчваць кавуны. Цяпер з нецярпеннем чакаю салодкі ўраджай.

Загадчыца аддзела садаводства Іна Сінкевіч вельмі задаволена практыканткай: адукаваная, працавітая і ўседлівая, яна можа займацца навуковай дзейнасцю ў будучым.

 Паралельна мы збіраем летнюю маліну, – дадае Іна Аляксандраўна. – Гляньце, якая вырасла – пад два метры! Хутка пачнём збіраць і асеннюю. У нас расце рэмантантны амерыканскі сорт “Херэтыдж”, які фарміруе пладанос толькі на аднагадовым пабегу. На зіму зрэжам расліны пад корань, а ў наступным годзе кусты зноў адрастуць. Таксама набліжаецца яблычны сезон. Плошча яблыневага сада ў нас складае 49,5 гектара, з якіх пладаносіць 30 гектараў, а астатняе – маладняк пасадкі 2018-2021 гадоў. Аснову складаюць правераныя сарты: “Алеся”, “Памяць Сюбаравай”, “Імант”, “Сябрына”, “Лігал”, “Хані Крысп”, “Чэмпіён”, “Джона Голд”. Летась мы сабралі 1,5 тысячы тон яблыкаў, якія паспяхова рэалізавалі па ўсёй Беларусі. Першыя яблыкі новага ўраджаю нашы кліенты змогуць пакаштаваць ужо ў канцы бягучага месяца. 

Да спіса