Рэгіён

Гродзенскі раён

Аб даўнім рассяленні людзей на тэрыторыі раёна сведчаць такія археалагічныя помнікі, як стаянкі каля вёсак Азёры (8—5-ым тыся-чагоддзях да н.э.), Баля-Сольная, Гожа, Кавальцы, Пужычы, Солы; курганныя могільнікі X—XIII стст. каля вёсак Азёры, Каўпакі, г.п. Сапоцкін.

Першыя жыхары ў адным са старажытных населеных пунктаў сённяшняга раёна Індуры з'явіліся ў X—XI стст. 3 часоў татарскіх набегаў вядома Гожа (да 1795г. — Ожа) — цэнтр аднайменнага староства. Казёл на гербе Гожы не выпадковы — казлы вадзіліся ў наваколлі, і польскія каралі і знатныя асобы прыязджалі сюды на паляванне.

У 1518г. у пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваюцца Азёры, у 1533г.— Скідзель (Скідаль), у 1551г. — Адэльск. Усе тры населеныя пункты былі сталовымі маёнткамі і належалі ў XVI—XVIII стст. да Гродзенскай каралеўскай эканоміі. Сапоцкін з XVI ст. вядомы як мястэчка, уваходзіў у склад Гродзенскага павета Трокскага ваяводства ВКЛ.

На тэрыторыі раёна захаваліся архітэктурныя помнікі: касцёлы ў вёсках Адэльск (канец XVIII ст.), Парэчча(1806), Індура (1825), Казловічы (1-ая палова XIX ст.), Адамавічы (1854), Галынка (2-ая палова XIX ст.), Селіванаўцы (1899), Гожа (канец XIX — пачатак XX ст.), Зарачанка (пачатак XX ст.), касцёл і 2 капліцы на могілкаху г.п. Сапоцкін (1868, 1893), капліца ў Грандзічах (1906); цэрквы ў вёсках Жытомля (канец XVII — пачатак XVIII ст.), Лаша (1822), Верцялішкі (1854), Коматава (1844), Галавачы (1881), Індура (1881), Азёры (пачатакХХ ст.). У в. Свіслач на беразе ракі размешчаны помнік архітэктуры ў стылі мадэрн — сядзібны дом канца XIX ст. У Свяцку Валовічаў (сучасная вёска Свяцк) захаваўся палацава-паркавы ансамбль: двухпавярховы палац у стылі ранняга класіцызму (1779), бакавыя флігелі з круглаватымі галерэямі-каланадамі (пачатак XIX ст.), капліца ў стылі неаготыкі (XIX ст.), парк пейзажнага тыпу (канец XVIII —пачатак XIX ст.) плошчай 12 га, перасечаны штучнымі вадаёмамі — сажалкамі і каналамі. Помнікам садова-паркавага мастацтва з'яўляецца парк на паўночна-ўсходняй ускраіне г. Скідзеля, закладзены ў сярэдзіне XIX ст.

На тэрыторыі раёна размешчаны заказнікі: Гожаўскі дзяржаўны біялагічны лекавых раслін (4,9 тыс. га), Сапоцкінскі дзяржаўны біялагічны дзікарослых лекавых раслін (1266 га), Парэчанскі дзяржаўны біялагічны раслін (2,3 тыс. га), дзяржаўны ландшафтны «Азёры» (21,9 тыс. га).

Жыхары Гродзенскага раёна ганарацца, што іх родныя мясціны з'яўляюцца малой радзімай многіх выдатных дзеячаў. Напрыклад, у в. Лаша нарадзіўся Я. Ф. Карскі (1860— 1931) — заснавальнік беларус-кага мовазнаўства, філалогіі і фалькларыстыкі, у в. Адэльск — каталіцкі святар Тадэвуш Кандрусевіч — глава Маскоўскай каталіцкай дыяцэзіі еўрапейскай часткі Расіі.

Унікальнымпомнікам гідратэхнічнага будаўніцтва з'яўляецца Аўгустоўскі канал (1824—1839), які на тэрыторыі раёна праходзіць ад дзяржаўнай беларуска-польскай мяжы да в. Нямнова (21,2 км), пабудаваны па загаду цара Аляксандра I, каб злучыць Віслу з Нёманам. У 2004г. па даручэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі пачаліся маштабныя работы па рэканструкцыі Аўгустоўскага канала з тым, каб адкрыць на ім пастаянныя маршруты міжнароднага турызму з Польшчы на Беларусь і далей па Нёмане ў Літву. Увесь комлекс Аўгустоўскага канала мае шанц быць уключаным у Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Гродзенскі раён захоўвае памяць пра самыя розныя падзеі ў сваёй гісторыі. Тут ішлі жорсткія баі ў часы Першай сусветнай вайны. Яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў фарты-крэпасці рускай арміі вакол Гродна і карбышаўскія доты так званай «Лініі Молатава» Заходняга ўмацаванага раёна пад Сапоцкінам. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны тут насмерць стаялі абаронцы памежных застаў. Не давалі спакою ворагам партызаны і падпольшчыкі. Абеліскі і помнікі абапал дарог і ў вёсках напамінаюць аб подзвігах народа-пераможцы. Гэта таксама месцы будучых турыстычных маршрутаў.

Цэнтры мастацкага рамяства знаходзяцца ў в. Квасоўка і г. Скідзель, дзе з даўніх часоў вырабляюць з саломкі, лазы, дрэва посуд, жаночыя сумачкі, абажуры, ткуць посцілкі, дываны і робяць іншыя прадметы хатняга ўжытку. У Верцялішках наладжаны выпуск ганчарных вырабаў.