Рэгіён

Воранаўcкi раён

Тут знаходзяцца мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Адама Міцкевіча, – гэта Балценікі і Беняконі. Балценікамі валодаў граф Ваўжынец Путкамер, за якога выйшла замуж каханая Міцкевіча Марыля Верашчака. На месцы сядзібы, дзе жыла Марыля, яе ўнук у 1895г. пабудаваў неагатычны палац, які захаваўся да нашага часу. Міцкевіч бываў у Балценіках, напрыклад, два тыдні жыў тут у 1822г. З каханай прагульваліся ў бліжнім лесе. Цяпер ад яго застаўся толькі Марылін гаёк. У бліжэйшых Беняконях быў касцёл, у якім маліліся Путкамеры і іх госці, у тым ліку Адама Міцкевіч. Каля яго пахавана ў 1863г. Марыля. Цяпер на месцы былога касцёла стаіць касцёл святога Іаана Хрысціцеля (1900—1906).

У вёсцы Гародна калісьці стаяў мураваны сядзібны дом, які будаваў у 1775—1791 гг. унук Станіслава Радзівіла Людвік Тышкевіч, вялікім падскарбіем, а затым вялікім маршалкам літоўскім. У 1914г. ён быў разбураны. Ад былога ансамбля засталіся фрагменты парку: велічныя ліпы на ўязной алеі, сцены касцёла (сярэдзіна ХVІІІ ст.), газон, сажалка, паглыбленая ў 1961г.

    

 

Гарадскі пасёлак Радунь упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1217г. З 1387г. Радунь была цэнтрам воласці, у ХІV—ХVІІ стст. з’яўлялася вялікакняжацкім уладаннем, тут стаяў замак. Па перапісу 1531г., у ёй было 7 вуліц, 210 двароў, рынак і 35 гандлёвых крам. У 1679г. мястэчка прывілеем вялікага князя літоўскага і караля польскага Яна ІІІ атрымала магдэбургскае права. У ХVІІІ ст. Радунь стала эканамічным і культурным асяродкам яўрэяў, з 1869г. тут працавала школа – ешыбот. Не менш старажытную гісторыю маюць вёскі Пеляса, Складанцы, Помедзь. Гэтыя пасяленні заснавалі ў часы крыжацкіх паходаў прусы.

У Гайцюнішках у 1613г. галандскі архітэктар, загадчык каралеўскіх збудаванняў у Вільні і шэф каралеўскіх фартыфікацый у Вялікім княстве Літоўскім Пётр Нонхарт збудаваў сабе з дапамогаю галандскага інжынер-фартыфікатара Ван Дадэна дом-крэпасць і гаспадарчыя пабудовы. Яны замянілі сядзібны комплекс, які існаваў тут да гэтага часу і вядомы па інвентару 1565г. Побач з“замачкам” захавалася кальвінская капліца (1633) – сямейная пахавальня Нонхартаў.

                

На месцы Воранава калісьці было Блотна, менавіта так называўся гэты населены пункт на карце 1613г. Т. Макоўскага. Тады Блотна належала Гаштольдам, з пачатку ХVІІІ ст. – мсціслаўскаму ваяводзе А. Масевічу, у 1720-ыя гг. – лідскаму старосту Яну Сцыпіё дэль Кампа. Яго сын ажаніўся ў 1730г. з Верэнай Фірлей з Данбровіц. У яе гонар мястэчка было перайменавана на Веранова, а пазней назва змянілася на Воранава. У 1865г. тут жылі 500 чалавек, з іх 333 яўрэі. Працавалі 2 гарбарні, млын, 12 гандлёвых кропак і шынкоў. З 1921г. Воранава стала цэнтрам гміны, з 1940 – цэнтрам раёна і гарадскім пасёлкам.

   

У раёне пражывае шмат католікаў. Самыя цікавыя ў архітэктурных адносінах касцёлы знаходзяцца ў населеных пунктах: Асава (1906), Жырмуны (1789), Забалаць (1803—1812), Канвелішкі (1916), Нача (1910-ыя гг.), Пеляса (пачатак ХХ ст.), Радунь (1929—1933), Тракелі (1809, тут ёсць цудатворны абраз “Маці Божая Тракельская”, вывезены з Вільні ў 1595г.).

                                   

На археалагічнай карце раёна пазначаны такія помнікі, як стаянка каля в. Нача (1-ая палова I тысячагоддзя да н.э.); могільнікі ва ўрочышчы Ланкішкі (81 пахаванне 2-ой паловы I тысячагоддзя да н.э.), каля вёсак Плітніца, Зубішкі, Рудня, Чапялуны (I—III стст. н.э.); каменныя магілы каля вёсак Дварчаны, Куклі, Пашкавічы, Пузелі, Сабалюнцы; курганны могільнік каля в. Чыжаўск (70 насыпаў); гарадзішча Шведскі вал у в. Гарадзішча (XV—XVI стст.).

Выдатныя людзі нарадзіліся на Воранаўшчыне. У в.Жырмуны – архітэктар К. Падчашынскі, у в. Шаўры – ваенны інжынер, гісторык, этнограф, краязнавец, удзельнік паўстанняў 1830—1831 гг. і 1863—1864 гг. Т. Нарбут, а таксама яго сын Л. Нарбут, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гг. у Беларусі і Літве. У в. Нача прыйшлі на свет В. Шукевіч – археолаг, этнограф, краязнавец, антраполаг і фалькларыст, пахаваны ў радавой пахавальні ва ўрочышчы Ланкішкі, а таксама доктар С. Нарбут. У в. Ясянцы нарадзіўся С. Б. Юндзіл – вучоны ў галіне батанікі, заалогіі і прыродазнаўства, доктар філасофіі. Ён пахаваны непадалёку ад Т. Нарбута каля Начскага касцёла. Радунь – месца нараджэння пісьменніка П. Бітэля. Устаноўлены знакі на магілах паўстанцаў 1863г. каля вёсак Пашкавічы, Салтанішкі і іншых, камень-знак у Начы.