Новости региона
Главная / Новости / Новости региона

У Год гістарычнай памяці ў Беларусі стартаваў гісторыка-культурны праект “Бацькаўшчына”

01.03.2022
Новости региона
Гродзеншчына – непаўторны куток беларускай зямлі з багатай гісторыяй. Кожны горад, кожная вёсачка тут дыхае таемнай спадчынай мінулага, якую нашы сучаснікі могуць вывучаць і даследаваць не толькі па папяровых гістарычных звестках, але і па фотаздымках. 

У Год гістарычнай памяці ў Беларусі стартаваў сумесны гісторыка-культурны праект “Бацькаўшчына” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава. Пачатак праекту надало выданне аднайменнага календара, у якім прадстаўлены старадаўнія паштоўкі і фотаздымкі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў з асабістай калекцыі аўтара. 

“Гродзенская праўда” падтрымала праект і, пачынаючы з 14-га нумара газеты, адкрывае цыкл фотапублікацый, прысвечаных гістарычнай спадчыне гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і вёсак Гродзеншчыны. 

Дарэчы, калекцыя Уладзіміра Ліхадзедава налічвае каля 50 тысяч экзэмпляраў. Многія ўнікальныя паштоўкі і фотаздымкі ўвайшлі ў кнігі-фотаальбомы аўтара, сярод якіх ёсць выданні, прысвечаныя гісторыі Гродна, Навагрудка, Ліды, Свіслачы, Слоніма, Смаргоні, Ашмян.

У гэтым годзе плануецца, што пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама ўбачаць свет яшчэ тры фотаальбомы пра Ваўкавыскі, Іўеўскі і Карэлічскі раёны. Праект, безумоўна, унікальны і ставіць вельмі важную і актуальную задачу – вывучэнне, захаванне і папулярызацыю гістарычнай спадчыны беларускага народа. Акрамя таго, ён будзе складаць аснову XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-ярмаркі, якая пройдзе 23-27 сакавіка.

Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр

Жировичи.jpg

Свята-Успенскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр – адзін з галоўных цэнтраў беларускага праваслаўя і адзін з самых маштабных архітэктурных ансамбляў XVII-XVIII стагоддзяў на тэрыторыі краіны. Праваслаўны манастыр узнік там, дзе, паводле падання, 20 мая 1470 года была яўлена Жыровіцкая ікона Божай Маці. Тады быў узведзены драўляны храм, які пазней згарэў. У XVI стагоддзі на яго месцы была пабудавана новая каменная царква ў гонар Найсвяцейшай Багародзіцы. Пры гэтым у храме быў створаны праваслаўны мужчынскі манастыр. У 1629 годзе ў Жыровіцкім манастыры пачалося будаўніцтва велічнага Успенскага сабора. У 2020 годзе Беларусь адзначыла 550-годдзе здабыцця цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзе з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Да святкавання юбілею тут былі праведзены работы па рэканструкцыі, якія працягваюцца. Рэканструкцыя і рэстаўрацыя святыні рэалізуюцца ў рамках Дзяржаўнай праграмы.

жіровічі старые.PNG

Гродзенскі чыгуначны вакзал

жд.PNG

Рух па першай пракладзенай па беларускай зямлі лініі Гродна-Парэчча Пецярбурга-Варшаўскай чыгункі адкрылі ў снежні 1862 года. На станцыі "Гродна" быў  узведзены  драўляны будынак вакзала. У 1868 годзе яго змяніла капітальная пабудова, якая была больш падобна на палац альбо ратушу. Яна стала сапраўдным упрыгожваннем і візітнай карткай горада. Па сваёй архітэктуры новы будынак вакзала быў яркім прыкладам эклектыкі. У канцы XIX стагоддзя зацвердзілі праект пашырэння пасажырскага будынка станцыі "Гродна". Падчас баёў за вызваленне горада ад фашыстаў вакзал быў разбураны, аднак у першыя пасляваенныя гады цалкам адноўлены.У 1956 годзе кінарэжысёр Леў Голуб здымаў тут фільм "Міколка-паравоз". У 1986 годзе быў пабудаваны новы сучасны вакзальны комплекс. У 2011–2013 гадах выканана поўнамаштабная яго рэканструкцыя.

вокзал старый.PNG

Лідскі замак

замок.PNG

Лідскі замак – унікальны помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя. Будаўніцтва яго пачаў ў 1323 годзе вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Гедымін. Атрымаўся замак тыпу кастэль з бутавага каменя і цэглы ў форме няправільнага чатырохвугольніка: паўночная сцяна даўжэй астатніх, бо менавіта адсюль чакалі нападу крыжакоў. Замак размясціўся на насыпным пяшчаным пагорку, акружаным балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка і ровам. За сваю гісторыю замак вытрымаў мноства бітваў і аблог. У XVIII стагоддзі ён страціў сваё стратэгічнае значэнне і пачаў паступова разбурацца. У мінулым стагоддзі замак закансервавалі. У 2010 годзе гістарычны аб'ект трапіў у спіс інвестыцыйных праграм "Культура Беларусі" і "Замкі Беларусі", дзякуючы якім пачаліся рэстаўрацыйныя работы. У пазамінулым годзе завяршылі чацвёртую іх чаргу – вежу Гедыміна, дапоўніўшы яе трыма ярусамі і размясціўшы там экспазіцыю, прысвечаную гісторыі замка.

замок старый.PNG

"Швейцарская даліна"

доліна.PNG

Гісторыя гэтага дзіўнага месца пачалася ў другой палове XVIII стагоддзя і цесна звязана з імем Антонія Тызенгаўза, старасты Гродзенскай каралеўскай эканоміі. Быў пабудаваны палац у стылі позняга барока, закладзены Каралеўскі батанічны сад, заснавальнікам якога быў вядомы французскі навуковец Жан Эмануэль Жылібер. На рацэ Гараднічанцы з'явілася рамантычная даліна з тэрасамі і лёгкімі драўлянымі масткамі. Лічыцца, што Напалеон Орда, які зрабіў замалёўку парку і рачной даліны, за прыгажосць назваў яе "швейцарскай". Такая назва ўвайшла і ва ўжытак гарадзенцаў. У пачатку XXI стагоддзя быў ажыццёўлены праект рэканструкцыі гарадскога парку і "Швейцарскай даліны", які стаў часткай агульнага плана добраўпарадкавання Гродна да яго 880-годдзя.
К списку