Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Афіцыйны партал
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
Навiны рэгiёна

Лаўрэат прэміі імя Аляксандра Дубко ў намінацыі «Рэжысёр года» Ірына Міклашэвіч добра ведае, як арганізаваць і на высокім узроўні правесці любое свята

12.02.2024
Навiны рэгiёна
Ірына Уладзіміраўна разам з творчымі калектывамі прымае актыўны ўдзел у розных абласных мерапрыемствах. Ірыну Міклашэвіч з творчасцю звязвае гісторыя працягам амаль у сорак гадоў. З самага дзяцінства жанчына марыла працаваць у культуры, а таму паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва. Скончыўшы вну, Ірына Уладзіміраўна распачала прафесійную дзейнасць. За плячыма нашай гераіні – праца дырэктарам у Гродзенскім гарадскім метадычным цэнтры, у Гродзенскім Палацы культуры (былы Палац тэкстыльшчыкаў). Акрамя гэтага, Ірына Міклашэвіч займала пасаду галоўнага спецыяліста па культурна-дасугавай дзейнасці ў абласным метадычным цэнтры, дзе і пачала найбольш дэтальна займацца рэжысурай. 

 – На працягу многіх гадоў я была непасрэдна кіраўніком у галіне культуры. А дырэктар – гэта чалавек, які больш займаецца адміністратыўна-гаспадарчай дзейнасцю, на вырашэнне творчых пытанняў застаецца зусім мала часу. Але, нягледзячы на гэта, мне заўсёды ўдавалася займацца арганізацыяй і правядзеннем разнастайных культурных мерапрыемстваў, – расказвае Ірына Міклашэвіч. 

Чатыры гады таму Ірына Уладзіміраўна ўладкавалася ў Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры на пасаду галоўнага рэжысёра рэжысёрска-пастановачнага аддзела. Цяпер без яе ўдзелу не праходзіць ніводнае гарадское свята. Акрамя гэтага, Ірына Уладзіміраўна разам з творчымі калектывамі прымае актыўны ўдзел у розных абласных мерапрыемствах. 

 – Я распачынала працу ў гарадскім цэнтры культуры свядома, поўнасцю разумеючы спецыфіку работы і тое, што неабходна канкрэтна ад мяне як ад галоўнага рэжысёра. Канешне, вельмі многа ў гэтым плане мне дапамог раней набыты вопыт. Тое, што бачыла на папярэдніх месцах працы, у тым ліку асобныя метады і прыёмы, я разам з іншымі рэжысёрамі ў цэнтры культуры адаптоўвала і пераўтварала на новым месцы. Мы пачалі актыўна выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, дзякуючы чаму творчы працэс ішоў прадуктыўна, – тлумачыць Ірына Уладзіміраўна. 

Уласная формула поспеху

У гэтым годзе Ірына Міклашэвіч адправіцца на заслужаны адпачынак, а таму вялікіх мэтаў і перспектыўных задач не ставіць. Разам з тым гераіня падзялілася: перад тым, як канчаткова пакінуць творчы асяродак, яна намагаецца максімальна рэалізаваць той патэнцыял, які па розных прычынах застаўся нераскрытым. 

– Менавіта праца ў гарадскім цэнтры культуры падаравала мне магчымасць прадэманстраваць на практыцы тое, чаму я, магчыма, вучылася ўсё сваё жыццё. Але творчыя людзі не перастаюць вучыцца ніколі, таму новыя ідэі і натхненне нас не пакідаюць. Мая ўласная формула поспеху, выведзеная за чатыры дзесяцігоддзі працы, – гэта вопыт, памножаны на вучобу, стараннасць і крыху на талент, – з усмешкай адзначае Ірына Уладзіміраўна. 

Дарэчы, рашэнне аб тым, каб прыняць удзел у штогадовым абласным конкурсе ў сферы культуры і мастацтва імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко, прымала не сама Ірына Уладзіміраўна. Вылучыць кандыдатуру галоўнага рэжысёра вырашыў калектыў цэнтра культуры, што для самой Ірыны Міклашэвіч стала нечаканасцю. Парадавала і расчуліла нашу гераіню перамога, калі менавіта ёй прысудзілі званне «Рэжысёр года». 

IMG_3700.JPG

IMG_3792.JPG

 – Па праўдзе кажучы, мінулы 2023 год сапраўды быў асабліва паспяховы для мяне асобна і нашага творчага калектыву ў цэлым. Мы арганізавалі і на высокім узроўні правялі цэлы шэраг цікавых і яскравых мерапрыемстваў. Сярод іх мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, Дню Незалежнасці. Арганізавалі святкаванне Дня горада, канцэрты, прысвечаныя Дню жанчын, Дню яднання народаў Беларусі і Расіі і не толькі, – падзялілася Ірына Уладзіміраўна, падкрэсліўшы, што высокую адзнаку якасці сваёй працы творчы калектыў шторазова атрымоўвае не толькі ад кіраўніцтва горада, але і ад жыхароў Гродна. 

За сорак гадоў насычанай і па-спяховай дзейнасці Ірыне Міклашэвіч неаднаразова ўручаліся падзякі і ганаровыя лісты ад кіраўніцтва Гродзенскага гарвыканкама і аблвыканкама, разнастайных арганізацый і аб’яднанняў горада Гродна. Але ў шэрагу ўзнагарод пачэснае першае месца цяпер займае прэмія імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко. Яна, па словах жанчыны, стала прыгожай сімвалічнай кропкай напярэдадні развітання з працай.

– Год за годам я намагалася арганізаваць кожнае мерапрыемства так, каб яно знайшло цёплы водгук у сэрцах людзей. Я шукала новыя ідэі, уводзіла навацыі, каб зацікавіць гледача, падараваць яму прыемныя эмоцыі. Так, я не спяваю, не танцую і не пішу вершы, але смела магу пахваліцца аўтарскімі сцэнарыямі і іх далейшай рэалізацыяй, – падагульніла Ірына Міклашэвіч.
Да спіса