Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня» пройдзе 27 красавіка ў Гродне

26.04.2024
Навiны рэгiёна
Фестываль-кірмаш пачне працаваць у 12.30.

У цэнтры горада на пляцоўцы каля Маладзёжнага цэнтра «Гродна» ў гэты дзень па традыцыі збяруцца рамеснікі, каб прадставіць унікальныя велікодныя яйкі-пісанкі, самабытныя гродзенскія вербы, тканыя паясы, вырабы з саломкі і многія іншыя сувеніры. Фестываль-кірмаш пачне працаваць у 12.30. Урачыстае адкрыццё запланавана на 13.00.

На адным з самых яркіх і святочных вясновых мерапрыемстваў у горадзе, якое з году ў год прыцягвае сотні гасцей з розных куткоў Прынямоння, кожны зможа не толькі набыць вырабы народнай творчасці і падарункі для сваіх родных, але і сам пагрузіцца ў творчы працэс. На кірмашы пройдуць майстар-класы па вырабе велікодных вербаў, сапоцкінскіх пісанак, навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, саломапляценні, ткацтве з удзелам носьбіта элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Неад'емная частка свята – канцэртная праграма фальклорных калектываў. На пляцоўцы «Велікодныя забавы» можна будзе далучыцца да тэматычных забаў.

Будзе весяла і дзецям. Для іх арганізуюць інтэрактыўную пляцоўку з гульнявой і забаўляльнай праграмай «Колеры шчаслівага дзяцінства». Акрамя гэтага, на свяце можна будзе пабываць у кантактным заапарку.

Што? Рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня».

Дзе? Пляцоўка каля Маладзёжнага цэнтра «Гродна».

Калі? 27 красавіка, з 12.30 да 17.00.

Да спіса